1-history

Піва з’яўляецца адным з найстарэйшых напояў, гісторыя якога распачынаецца яшчэ ў шостым тысячагоддзі да нашай эры. Пілі яго яшчэ ў старажытным Егіпце і Месапатаміі. Прычым, ёсць меркаванні, што ячмень і пшаніцу пачалі вырошчваць там выключна для варэння піва, а стварэнне хлеба сталася пабочным эфектам.

Любая збожжавая культура, якая ўтрымлівае цукар, можа спантана пачаць брадзіць з-за наяўнасці ў паветры зароднікаў дражджовых грыбкоў. Становіцца зразумелым, чаму півападобныя напоі былі вынайдзены незалежна ў розных кутках свету, адразу пасля таго, як пэўныя плямёны і цывілізацыі пачалі культываваць збожжа.

Хімічныя даследванні старажытных керамічных збаноў выяўляюць, што піва выраблялі яшчэ недзе 7000 гадоў таму на тэрыторыі сучаснага Ірану. Піваварэнне стала першай галіной дзейнасці чалавека, дзе выкарыстоўваўся працэс біялагічнай ферментацыі. Найноўшыя археалагічныя знаходкі сведчаць, што кітайскія пасяленцы варылі півападобныя алкагольныя напоі за 7 тысячагоддзяў да нашай эры. Піваварства мела малы хатні маштаб, а метады, якія выкарыстоўваліся, былі падобнымі на метады варэння піва ў старажытным Егіпце і Месапатаміі.

У Месапатаміі найстарэйшымі сведкамі піваварства з’яўляюцца 4000-гадовыя Шумерскія таблічкі. На гэтых таблічках намаляваныя людзі, якія пьюць напой праз трасцёвыя саломінкі з агульнай чашы. Шумерская 3900-гадовая паэма ў гонар багіні Нінкасі, заступніцы піваварства, утрымлівае адзіны выжыўшы старажытны рэцэпт піва. Гэтая паэма з’яўлялася адначасова як малітвай да Нінкасі, так і метадам запамінання рэцэпту варэння піва сярод непісьменных шумерскіх півавараў. Піва выраблялася з ячменнага хлеба.

«Нінкасі, Ты тая…
Ты тая, хто абодвума рукамі трымае слаўнае салодкае сусла…
Нінкасі, Ты тая, хто вылівае фільтраванае піва з куфы,
З імпэтам Тыгру ды Еўфрату»

Піва таксама згадваецца і ў «Эпасе аб Гільгамешы», у якім «дзікаму чалавеку» Энкіду было дадзена піва каб піць. «… ён еў пакуль ня быў поўны, выпіў сем збаноў піва, ягоная душа стала лёгкай, твар заблішчэў і ён з радасцю зацягнуў сваю песню…»

Пісьмовым доказам таго, шо старажытнае піва варылі ў Арменіі, з’яўляецца праца Ксенафонта «Анабазіс» (5 стагоддзе да нашай эры), дзе ён апісваў адно старажытнае Арменскае мястэчка:

«Там таксама захоўвалася пшаніца і ячмень, а таксама гародніна і ячменнае віно ў вялікіх чашах; зярняткі ячменнага соладу плавалі ў сасудах да самых краёў, а сярод іх плавала трасцё, якое даўгое, а якое больш кароткае, але без каленцаў; калі ты сасмагнуў, ты павінен узяць адну з трасцінак сабе ў рот і смактаць. Напой без дамешку вады быў надта моцным, але меў вельмі прыемны смак, але трэба быць здольным адчуваць гэты смак»

Піва ўвайшло ў жыццё ўсіх старажытных цывілізацый Еўразіі і Паўночнай Афрыкі, якія культывавалі збожжа. Прычым стала настолькі папулярным, што ў 1868 годзе Джэймс Дэс вылучыў тэорыю «Піва Бібліі». Згодна з гэтай тэорыяй, манна, якую даў Бог ізраільцянам, з’яўлялася кашападобным хлебным півам, якое называлі «вуза». Веды пра піваварэнне былі перададзены грэкам. Грэкі навучылі варыць піва рымлян. Рымляне называлі сваё варыва кельцкім словам «чэрэвізія».

Піва было вельмі важным напоем для ранніх рымлянаў. Але за часы Рымскай Рэспублікі віно выціснула піва і стала дамінуючым алкагольным напоем. Піва стала напоем, які лічылі годным толькі дзікіх варвараў. Рымскі гісторык Тацыт вельмі зняважліва пісаў пра піва, якое варылі ў тыя часы германскія людзі. Германцы для смаку дадавалі ў піва парасткі ядлоўца і хвоі. Кельты гатавалі піва з пшаніцы і мёду, і для іх яно з’яўлялася ня столькі напоем, колькі ежай. Балканскія плямёны Фракійцаў таксама пілі жытняе піва яшчэ ў пятым стагоддзі да Нараджэння Хрыста. Аб гэтым казаў у сваіх творах Геланік. Піва Фракійцы называлі «брутас», альбо «брытас».

У першым стагоддзі нашай эры ў Еўропе налічвалася ўжо каля 200 «гатункаў» піва. Але свайго буйнога развіцця піваварства дасягнула толькі ў сярэднявеччы і стала прыбытковым і ганаровым рамяством.

Тэгі: